12 мая – Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь

10.05.2024

У кожнай дзяржавы ёсць свае галоўныя атрыбуты самабытнасці і незалежнасці, якія ўвасабляюць гісторыка-культурную спадчыну народа, падкрэсліваюць нацыянальны дух і годнасць грамадзян. У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

Рашэнне аб увядзенні сучасных дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь было прынята на падставе праведзенага рэферэндуму, які адбыўся 14 мая 1995 года па ініцыятыве Прэзідэнта краіны. Усе тры сімвалы прыняты на аснове ўсенароднага абмеркавання.

12 красавіка 2023 года Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка падпісаў Указ № 105, якім карэкціруецца Указ ад 26 сакавіка 1998 года № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь». У адпаведнасці з дакументам зменена назва дзяржаўнага свята з «Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь – другая нядзеля мая» на «Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь – другая нядзеля мая». Новая назва дае магчымасць аддаць даніну павагі ўсім тром дзяржаўным сімвалам Беларусі.

На нашым сцягу тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер сімвалізуе мужнасць народа, які крывёю абараніў сваю свабоду. Зялёны колер – колер жыцця і надзеі, колер нашых лясоў і палёў, сведчанне мірнага характару беларусаў, іх працавітасці. Белая паласа з арнаментам з’яўляецца сімвалам нашай чысціні і высокай духоўнасці.

Дзяржаўны герб адлюстроўвае асноўныя нацыянальныя духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, працу, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і суверэннасць. Ён уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. У версе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы «Рэспубліка Беларусь».

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, што выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацоўваецца ў заканадаўстве. Дзяржаўны гімн мае сваіх аўтараў: музыку да яго напісаў беларускі кампазітар Н. Ф. Сакалоўскі, а словы – беларускія паэты М. М. Клімковіч і У. І. Карызна.

З пачатку мая ўжо другі год праходзіць агульнарэспубліканская эстафета «Ганаруся роднымі сімваламі»: юнакі і дзяўчаты публікуюць фатаграфіі з дзяржаўнымі сімваламі на асабістых старонках у сацыяльных сетках пад пэўнымі хэштэгамі. У межах эстафеты сёлета па ўсёй краіне запланавана больш за 250 розных мерапрыемстваў: маладзёжныя забегі, фестывалі, конкурсы. Асноўнай пляцоўкай урачыстасцей з 2013 года з’яўляецца плошча Дзяржаўнага Сцяга, размешчаная ў Мінску на праспекце Пераможцаў, над якой узвышаецца 70‑метровая стэла-флагшток з галоўным дзяржаўным сімвалам.

Ушаноўваць сцяг, герб і гімн будуць маладыя людзі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Так, на Магілёўшчыне працягнецца праект «Сімвалы адзінства. Разам да гарызонту», які ў інтэрактыўнай форме знаёміць беларускую моладзь з гісторыяй стварэння дзяржаўнай сімволікі. Напярэдадні свята ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» моладзь пранясе сцяг Рэспублікі Беларусь даўжынёй 120 метраў. Усе мерапрыемствы сведчаць аб беражлівым і паважлівым стаўленні маладых грамадзян да дзяржаўных сімвалаў краіны. 

Падрыхтавана па матэрыялах сайта https://president.gov.by